16.02.2023. Адкрыццё персанальнай выставы графікі «Паміж Сцылай і Харыбдай» Юрыя Якавенкі

16 лютага 2023 года адбылося адкрыццё персанальнай выставы графікі “Паміж Сцылай і Харыбдай” вядомага беларускага мастака Юрыя Якавенкі ў Арт-гасцёўні “Высокае мѣста”.

Выстава падрыхтавана сумесна з Беларускім саюзам мастакоў.

Вытанчаная прыгажосць выканання, насычанасць тонкімі алегарычнымі падтэкстамі робяць афорты Юрыя Якавенкі зразумелымі і блізкімі для ўсіх, хто пагружаны ў мінулае, як і сам аўтар. Яго працы адрознівае высокая тэхніка выканання. Канфлікт, кантраст, супрацьпастаўленне стваральнага і разбуральнага, эстэтыка лініі і плямы на паперы – вось што ў першую чаргу цікавіць аўтара.

У экспазіцыі выставы “Паміж Сцылай і Харыбдай” прадстаўлена некалькі новых серый мастака. Адна з найбольш яскравых серый “Ясон і Арганаўты” – гэта гістарычныя і сэнсавыя асацыяцыі міфаў і паданняў старажытнай Грэцыі, якія пры гэтым не з’яўляюцца непасрэднымі ілюстрацыямі да зместу саміх твораў.

Пастаянны творчы пошук, зварот да розных графічных матэрыялаў і тэхнік садзейнічалі фарміраванню ўласнага мастацкага стылю Ю. Якавенкі, вызначылі выбар такіх працаёмкіх тэхнік, як афорт, мецца-тынта і акватынта.

471