12.10.2022. Адкрыццё мастацкага праекта Таццяны Макляцовай «Transition» («ПераХод»)

12 кастрычніка 2022 года ў Арт-гасцёўні “Высокае мѣста” адбылося адкрыццё мастацкага праекта Таццяны Макляцовай “Transition” (“ПераХод”).

Англамоўная назва мастацкага праекта Таццяны Макляцовай “Пераход” з’явілася зусім не выпадкова. На думку мастачкі слова “Transition” акрэслівае больш шырокі спектр лексічных значэнняў, кожнае з якіх у пэўным кантэксце закранае яе творчасць і адлюстроўвае адну з граняў прадстаўленага праекта.

На выставе прадстаўлены творы, якія экспанаваліся раней і новыя кампазіцыі. Экспазіцыя аб’яднана агульнай канцэпцыяй “Пераходу”, у кантэксце якой важнымі дамінантамі з’яўляюцца ўласныя эмоцыі мастачкі і асаблівая яе ўвага да архітэктонікі кампазіцыі, колеру, фактуры. Эксперымент, які Т. Макляцова выбрала як асноўную стратэгію ў сваёй творчасці, не толькі спрыяе дынаміцы мастацкага працэсу, але спараджае навізну і арыгінальнасць у яе кампазіцыях.

Універсальным сродкам візуалізацыі ідэй для Таццяны Макляцовай, безумоўна, з’яўляецца калаж. Для яе гэта не проста пэўны прынцып арганізацыі мастацкага матэрыялу ў творах, але своеасаблівая форма творчай свабоды, якая прадстаўляе магчымасць звароту да нелінейнага метафарычнага мыслення, да пошуку парадаксальных рашэнняў, нечаканых візуальных і сэнсавых асацыяцый, да адлюстравання неардынарнага і непрадказальнага.

Кожны з твораў Таццяны Макляцовай вылучаецца падкрэсленай асацыятыўнасцю і ўяўляе сабой паліфанічны калейдаскоп думак і эмоцый, які прадстаўляе гледачу шырокае поле для інтэрпрэтацый сэнсаў і вобразаў.

586